Акцыя будзе прысвечаная памяці беларусаў, расстраляных у 1937 годзе.
Пра гэта кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010, літаратар Уладзімір Някляеў напісаў у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».
«У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ва ўнутранай турме НКВД былі расстраляныя беларускія паэты, пісьменнікі, дзеячы культуры і навукі, прадстаўнікі тэхнічнай інтэлігенцыі - 132 (паводле спісу на сённяшні дзень)», - напісаў Някляеў.
Палітык нагадаў, што 29-га кастрычніка а 18.30 мы збіраемся каля будынку КДБ у Менску (пр.Незалежнасці, 17), каб ушанаваць іх памяць.
«Многія пытаюцца, што браць з сабой? Сцягі, харугвы?.. Не. Толькі свечкі, лампадкі. Не будзе мітынгу, не будзе выступоўцаў і прамоваў. Хвіліна маўчання. Даніна памяці.
Яшчэ пытаюцца, як быць з законам «больш за трох не збірацца». У нармальнай краіне не можа быць законаў, якія б забаранялі ўшанаваць памяць загінулых. Родных і блізкіх. Па крыві, па духу. Запаліць свечкі там, дзе іх не стала. Перашкаджаць гэтаму могуць толькі дзікуны. Такія як тыя, што стралялі паэтам у патыліцы ў 37-м.
Сённяшнія супрацоўнікі КДБ кажуць, што яны - не тыя. Іншыя. Калі так, то няхай выйдуць да нас не з дубінкамі, а са свечкамі - і стануць разам з усімі ў ланцуг памяці. Толькі тады можна будзе паверыць, што ў нашай краіне нешта можа змяніцца.
А пакуль на могілках, дзе пахаваныя ахвяры жудасных сталінскіх рэпрэсій, будуюцца дамы для забавак, а да помніка «жалезнага Фелікса», аднаго з сімвалаў тэрору, ускладаюцца кветкі, паверыць у змены цяжка. Наогул немагчыма, бо, як сведчыць досвед іншых краін і народаў, з такога жудаснага мінулага можна выйсці толькі праз ачышчэнне, праз пакаянне», - напісаў Уладзімір Някляеў.
Раней аб правядзенні акцыі заявіў былы палітвязень Мікола Статкевіч.