A+ A A-


Алена Анісім – пра гендэрную роўнасць

Оцените материал
(10 голосов)

24 мая ў Мінску прайшоў Круглы стол на тэму «Умовы дасягнення гендэрнай роўнасці: роўнасць заканадаўства». Арганізатарамі выступілі Жаночы незалежны дэмакратычны рух, Ўсходне-еўрапейская школа палітычных даследаванняў, Інстытут развіцця і сацыяльнага рынку, Цэнтр "Еўрапейскі дыялог", Martens Centre.




У працы ўдзельнічалі эксперты, прадстаўнікі палітычных партый і рухаў, грамадскіх арганізацый, дыпламатычнага корпуса.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім падзялілася з сайтам ucpb.org сваімі ўражаннямі і думкамі па выніках дыскусіі:

"Мне здаецца, што тут ёсць некалькі важных аспектаў, якія мы павінны прымаць да ўвагі, працуючы над гэтай тэмай, – разважае Алена Анісім. – Наколькі ў грамадстве запатрабаваная гэта тэма? Наколькі жанчыны (мужчыны) адчуваюць няроўнасць? У якой сферы гэтая няроўнасць праяўляецца? Што замінае рэалізаваць роўнасць, дэклараваную ў Канстытуцыі? На што павінен быць зроблены акцэнт у законе? Як павінен называцца такі закон?

У Расійскай федэрацыі праект закона мае назву “Аб дзяржаўных гарантыях роўных правоў і свабод мужчын і жанчын і роўных магчымасцей для іх рэалізацыі”.

Калі мы пачынаем рыхтаваць якісьці законапраект, то падразумяваем яго наспеласць і неабходнасць прыняць, выкліканую патрэбамі грамадства. Сітуацыя ў нашай краіне склалася такая, што ў асноўным прапановы ў заканадаўства рыхтуе выканаўчая ўлада. Грамадзянская супольнасць, як правіла, бачыць сітуацыю больш дынамічнай і глядзіць на перспектыву, прымаючы пад увагу досвед іншых краін, аднак з улікам уласных патрэбаў.

Агульнае, што аб’ядноўвае бачанне такой праблемы, гэта разуменне, што ў аснове ляжыць стэрэатыпнае мысленне адносна размежавання так бы мовіць сацыяльных функцый мужчын і жанчын. Паводле такіх стэрэатыпаў за жанчынамі і мужчынамі замацоўваецца пэўны (усімі прымальны) тып паводзін, адхіленне ад якога выклікае супраціў значнай часткі грамадства. Аднак сучасны стан развіцця  беларускага грамадства значна адрозніваецца ад таго, якім ён быў некалькі дзесяцігоддзяў таму. Жанчыны дэманструюць усё большае жаданне рэалізаваць свае таленты, яны пастаянна падвышаюць свой культурны, інтэлектуальны патэнцыял, прэтэндуючы на самыя высокія пасады і нетрадыцыйныя прафесіі. І сутыкаюцца з наступнымі праблемамі: ніжэйшай аплатай працы, недаверам да ўзроўню прафесійнасці і г.д.  Што ў сваю чаргу можа падштурхнуць да дэманстрацыі ў жанчын звышлаяльнасці, ці праяўлення “мужчынскіх” якасцей – жорсткасці ў прыняцці адміністрацыйных рашэнняў і пад.

З іншага боку, сучасныя маладыя мужчыны схільныя праяўляць большую ўвагу да пытанняў сям’і, спрыяць развіццю сваіх жонак, дапамагаць у выкананні хатніх клопатаў.

Некаторыя з гэтых тэндэнцый не патрабуюць асобнага заканадаўчага рэгулявання, дастаткова інфармацыйнай, асветніцкай працы па папулярызацыі такіх паводзін і змены стэрэатыпаў.

Пры падрыхтоўцы такога закона неабходна ўлічыць яшчэ адну акалічнасць. Еўрапейскія краіны значна пасунуліся наперад у разуменні роўнасці правоў чалавека, што не адпавядае менталітэту беларусаў і ўжо сёння выклікае адмоўную рэакцыю”.

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.