A+ A A-


Актывісты распачынаюць штодзённую вахту ў Курапатах

Оцените материал
(10 голосов)

4 чэрвеня грамадзкія актывісты зноў сабраліся ў Курапатах, каб вызначыцца, што рабіць, каб недапусьціць адкрыцьця забаўляльнай установы побач зь месцам масавых расстрэлаў.

 


Першапачаткова плянавалася, што рэстарацыя «Паедзем, паядзім» пачне працу 1 чэрвеня, аднак аркуш з надпісам «Закрыто» вісіць на браме дагэтуль. Ня выключана, што ўрачыстай цырымоніі перашкаджае якраз грамадзкая актыўнасьць.


Палітык Павал Севярынец паўтарыў, што найлепшым варыянтам для інвэстараў было б перадаць комплекс пад музэй памяці пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Але пратэстоўцаў задаволіць, калі так званы «Бульбаш-хол» не адкрыецца наогул. У такім разе «незаконная пабудова» у пэрспэктыве будзе зьнесена.

Удзельнікі аргкамітэту па выніках сёньняшняй сустрэчы вырашылі: 

- Падтрымаць рэзалюцыю курапацкага мітынгу 3 чэрвеня, якая зводзіцца да таго, што ніякіх забаўляльных установаў тут быць не павінна.
- Штодня ад 12-й да 16-й ладзіць грамадзкую варту, каб не прапусьціць адкрыцьця рэстарану.
- Арганізаваць мастацкія акцыі, пленэры дзеля прыцягненьня ўвагі да праблемы.
- Намётавы лягер нямэтазгодны да таго часу, пакуль забаўляльная ўстанова не працуе.

Сярод бліжэйшых імпрэзаў — малюнак вуглём «Вугальная раніца», сход «Паэтычная абарона», акцыя «Не паеду, не паем», выступы бардаў. 
Таксама мяркуецца правесьці юрыдычны круглы стол адносна магчымасьці абнуліць усе рашэньні ўладаў адносна ахоўнай зоны Курапатаў.

Тым часам на тэрыторыі комплексу працягваюць завозіць прадукты, посуд, на вуліцы ўстаноўлена крытая тэраса. Усім, хто заяжджае і заходзіць унутар, актывісты раздаюць буклеты з інфармацыяй пра храналёгію падзеяў у Курапатах падчас расстрэлаў «ворагаў народу».


Хто стаіць за новай рэстарацыяй?

1 чэрвеня на сайце relax.by зьявілася рэкляма рэстарацыі «Паедзем, паядзім», якая мае распачаць працу за 50 мэтраў ад Курапацкага мэмарыялу на базе забаўляльнага комплексу, які раней меў назву «Бульбаш-хол».

У профілі рэстарацыі пазначана кампанія ТАА «Амізбел», аднак незразумела, ці ўласьнік яна, ці арандатар установы. Юрыдычны адрас кампаніі супадае з адрасам рэстарацыі «Паедзем, паядзім».

Свабода датэлефанавалася па пазначаным тэлефоне і даведалася, што рэстарацыя працуе ў «тэставым рэжыме і пакуль не адкрылася для наведнікаў».

«Забраніраваць столік можна будзе на наступным тыдні», — сказалі Свабодзе.

Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст». Ейны дырэктар Андрэй Ярмоленкаў сказаў праз тэлефон Свабодзе: маўляў, «усё афіцыйна, чытайце на сайтах, рэкляма ёсьць».

У сьнежні 2017 году Ярмоленкаў пацьвердзіў «Белсату», што ён уласьнік «аб’екта на 51-м кілямэтры», які здае ў арэнду. 

У Менаблвыканкаме карэспандэнту Свабоды адмовіліся назваць уладальніка, бо рэстаран, маўляў, не адкрыўся. У Менрайвыканкаме сказалі, што ёсьць афіцыйны дазвол на адкрыцьцё рэстарацыі. На пытаньне, ці зьяўляецца ўладальнікам комплексу кампанія «БелРэстІнвэст», сказалі: «Відаць, так». 

Рэстарацыю пад лесам, дзе ў 1930-х расстралялі і пахавалі сотні тысяч чалавек, зьбіраюцца адкрыць на месцы комплексу, які раней меў назву «Бульбаш-хол». Той комплекс пачалі будаваць у ахоўнай зоне мэмарыялу, але пасьля пачатку будаўніцтва межы ахоўнай зоны пасунулі. У Менаблвыканкаме абаронцам Курапатаў паабяцалі, што 1 чэрвеня рэстарацыя не адкрыецца. Але які лёс яе чакае далей, невядома.

Адзін зь лідэраў абароны Курапатаў, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец заяўляў, што, «калі спатрэбіцца, людзі за Курапаты будуць стаяць насьмерць». За дзень да мітынгу ва ўрочышчы актывісткі Вольга Мікалайчык і Ніна Багінская паставілі фігуру з плякатам «Мяне забілі ў Курапатах, на костках зробілі „кабак“». У інтэрнэце ідзе збор подпісаў супраць рэстарацыі.

 

Як зьявіўся забаўляльны комплекс у Курапатах

Будоўля забаўляльнага цэнтру ў Курапатах, вядомага як «Бульбаш-хол», пачалася ў 2012 годзе ў межах ахоўнай зоны. Пасьля зваротаў грамадзкасьці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэньні пры будаўніцтве, і яно было спыненае. Аднак у 2015 годзе Міністэрства культуры скараціла ахоўную зонуКурапатаў са 120 да 50 мэтраў, і «Бульбаш-хол» трапіў у зону рэгуляванай забудовы, дзе будаваць можна з улікам пэўных нюансаў. Пратэсты грамадзкасьці, звароты ў суд і пракуратуру плёну не далі.

Пазьней паведамлялася, што «Бульбаш-хол» зьмяніў назву на «Банкет-хол». Але рэстаранна-забаўляльны комплекс каля Курапатаў так і не адкрыўся.

Грамадзкасьць прапаноўвала дзяржаве выкупіць комплекс і перадаць яго на балянс Беларускага саюзу мастакоў «дзеля творчай дзейнасьці ў інтарэсах Курапатаў». А таксама «сесьці за круглы стол з уладальнікамі гэтага аб’екта і падумаць, разабрацца, як гэта зрабіць, каб і бізнэс захаваць, і не парушаць маральных нормаў, якія там павінны быць захаваныя».

16 лютага 2017 году грамадзкасьць распачала абарону Курапатаў ад будаўніцтва ў іншым месцы бізнэс-цэнтру прыватным прадпрыемствам «Белрэканструкцыя». Будаўнічая пляцоўка разьмясьцілася за некалькі дзясяткаў мэтраў ад курапацкіх крыжоў, на плошчы, якая ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў. Гэты кавалак зямлі Менгарвыканкам прадаў прадпрымальнікам, скараціўшы межы ахоўнай зоны ўрочышча.

Супрацьстаяньне будаўнікоў і грамадзкасьці доўжылася больш за месяц. Урэшце прадпрыемства «Белрэканструкцыя» адмовілася ад будаўніцтва. Але шмат каго з абаронцаў затрымалі, судзілі і аштрафавалі.

Больш за 16 гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы, вынікам стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты».

 

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.