A+ A A-


Расійская авіябаза не перашкодзіць Беларусі кантраляваць сваё неба?

Оцените материал
(3 голосов)

Ці стануць расійскія знішчальнікі ў Бабруйску «траянскім канём» для Беларусі і ці ёсць нам што гэтай небяспецы супрацьпаставіць?

Як адгукнулася беларуская экспертна-інтэрнэтная супольнасць на навіну пра тое, што расійскі ўрад збіраецца падпісаць пагадненне аб стварэнні расійскай авіябазы ў Беларусі? Галоўныя высновы дзве — што гэтая база нясе пагрозу: а) самой Беларусі, б) Украіне. Ці сапраўды гэта так?

Плануецца, што ў Бабруйску на пастаяннай аснове размесціцца авіяцыйны полк знішчальнікаў СУ-27СМ3 — ад 20 да 24 самалётаў.

«На гэтыя самалёты могуць падвешвацца як ракеты класу «паветра-паветра» для барацьбы з паветранымі цэлямі, так і ракеты і бомбы класу «паветра-зямля» — гэта новая мадыфікацыя, якая мае пашыраныя магчымасці па нанясенні ўдараў па зямлі», — кажа ваенны эксперт Аляксандр Алесін.

Зыходзім з канспіралагічнай версіі, што гэтая авіябаза — пагроза для Беларусі. І хоць падпарадкоўвацца расійскія экіпажы паводле пагаднення паміж Расіяй і Беларуссю будуць камандуючаму беларускімі сіламі ПВА і ВПС, але раптам па загадзе з Крамля яны распачынаюць ваенныя дзеянні супраць нашай краіны — ці ёсць у нас што ім супрацьпаставіць як у паветры, так і на зямлі?

Аляксандр Алесін упэўнены, што ў такім выпадку самалёты гэтыя альбо не ўзляцяць з аэрадрома, альбо далёка ад яго не адляцяць.

Аляксандр Алесін: «Самалёты вельмі залежныя ад абслугоўвання на зямлі, таму яны проста не змогуць узляцець. Але калі раптам і ўзляцяць, то сіл ПВА ў Беларусі столькі, што яны нічога не здолеюць зрабіць».

Самалётаў такога класу, як знішчальнік СУ-27СМ3 у беларускім войску няма, але дастаткова ў якасці перахватчыкаў МІГ-29, каб сумесна з сіламі ПВА нейтралізаваць расійскую авіяпагрозу з Бабруйску. Але ці не адыграе гэтая база тую ж ролю, што расійскія базы ў Крыме?

«Штатная зброя лётнага персаналу: пісталет ці пакарочаны аўтамат Калашнікава. І будзе іх там найбольш 300 чалавек. Такой колькасці недастаткова для таго, каб працяглы час утрымліваць сам гэты аэрадром. У Крыме была зусім іншая сітуацыя: там у складзе Чарнаморскага флоту афіцыйна было прыблізна 20-25 тысяч чалавек. У тым ліку брыгада марской пяхоты і спецназ. Па ваенна-тэхнічных параметрах паўтор гэтай сітуацыі ў Беларусі немагчымы. Калі толькі ў нас не будзе створаная групоўка расійскіх сухапутных войскаў у складзе 50 тысяч чалавек. І тое захапіць і ўтрымаць такімі сіламі ўсю тэрыторыю Беларусі немагчыма».

Тым не менш пагроза для Беларусі ад расійскай авіябазы існуе, упэўнены ўкраінскі ваенны эксперт Юрый Карын. Праўда, не столькі ваеннага характару, колькі палітычнага.

«Днямі кіраўнік вашай дзяржавы зрабіў крок, які вельмі пазітыўна ацанілі ў Еўропе, — выпусціў з турмы апазіцыянераў. А размяшчэнне расійскай базы імгненна перакрэсліць усе яго пазітыўныя дасягненні. Цалкам магчыма, што пры такім раскладзе ён як чалавек, які садзейнічае агрэсару можа трапіць у іх санкцыйны спіс», — кажа Карын.

А наколькі расійская база ў Беларусі небяспечная для нашых суседзяў, найперш для Украіны? Уявім сабе амаль немагчымае: самалёты ўзляцелі з аэрадрома ў Бабруйску і, нічога не паведаміўшы ў Мінск, «ціхенька» скіраваліся ў бок Украіны. Ці парушаць яны беларускае заканадаўства, калі пераляцяць беларуска-ўкраінскую мяжу?

Аляксандр Алесін: «Гэта будзе парушэннем статусу Беларусі як дзяржавы, якая імкнецца да нейтральнага статусу — прамым парушэннем палажэнняў нашай Канстытуцыі».

Іншая справа, дадае Юрый Карын, што самалётам такога класу і парушаць мяжу не трэба.

Юрый Карын: «Два з чатырох нашых самалётаў былі збітыя ракетамі сістэмы паветра-паветра з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі: з аэрадрома ў Растоўскай вобласці ўзлятаў самалёт, які падлятаў да ўкраінскай мяжы і наносіў удар па транспартніку, які падвозіў запасы нашым войскам, што апынуліся ў атачэнні. Таму прысутнасць такіх самалётаў у Бабруйску небяспечнае нават без знаходжання іх на тэрыторыі Украіны».

І папярэджвае: калі такая база ў Беларусі з’явіцца, то пра сяброўскія адносіны паміж нашымі краінамі давядзецца забыць. Але ж такім «забыццём» пагрозы не пазбавішся — ці ёсць ва Украіны чым супрацьстаяць расійскім знішчальнікам?

Аляксандр Алесін сцвярджае, што і ў паветра ўзняць цяпер украінцы могуць добра калі 10 самалётаў, і з сістэмамі супрацьпаветранай абароны ў іх не ўсё добра — комплексаў С-300 і так няшмат, а яны патрэбныя і на Данбасе, і ля мяжы з Прыднястроўем, дзе размешчаная расійская ваенная групоўка. Юрый Карын пярэчыць:

«У нас з пачаткам канфлікту супрацьпаветраная абарона ўзмоцненая на ўсіх кірунках. Цяпер у нас на пастаянным баявым дзяжурстве знаходзіцца дзесьці 40 самалётаў. Гэта ў два разы больш, чым было ў адносна мірны час. Сродкі ПВА і авіяцыі прыведзеныя ў мінімальна неабходны парадак».

Дарэчы, калі казаць пра Літву, то ў складзе яе авіяцыйных сіл толькі «транспартнікі» вучэбна-трэніровачныя самалёты. Праўда, там пастаянна дзяжурыць 4 знішчальнікі NATO. Але нават без гэтага факту Захад зробіць усё магчымае, каб расійскай авіябазы ў Беларусі не было, кажа Юрый Карын.

Юрый Карын: «Як толькі будзе прынятае такое рашэнне, да вашага кіраўніка паедуць замежныя дыпламаты, якія знойдуць аргументы, каб упэўніць афіцыйны Мінск не рабіць гэтага. Мяркую, на палітычным узроўні рашэнне будзе знойдзенае».

Аляксандр Алесін супакойвае: пакуль базы няма, і каб яна з’явілася, неабходна прайсці доўгі працэс юрыдычнага афармлення гэтага ваеннага аб’екта на нашай тэрыторыі. І не выключае, што на гэтым шляху яшчэ можа здарыцца нешта нечаканае.

Зміцер Лукашук, Еўрорадыё

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.