Сумесная заява падпісантаў Віленскага мэмарандуму (2012), прадстаўнікоў палітычных партыяў, рухаў, грамадзкіх арганізацыяў.
Мы, падпісанты Віленскага мэмарандуму 2012 году, прадстаўнікі дэмакратычных партыяў, рухаў, грамадзянскай супольнасьці Беларусі сумесна з Радай Беларускай Народнай Рэспублікі:
— зьвяртаем увагу беларускага народу і міжнароднай супольнасьці на небясьпечны намер кіраўнікоў Расеі і Беларусі Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі падпісаць 8 сьнежня сёлета дамовы, якія замацоўваюць залежнасьць Беларусі ад Расеі ды патэнцыйна пагражаюць самому далейшаму існаваньню Беларусі як незалежнай сувэрэннай дзяржавы;
— нагадваем, што беларускі народ стагодзьдзямі змагаўся за сваю незалежную дзяржаўнасьць, паклаўшы ў барацьбе спачатку з Расейскай, а затым з камуністычнай савецкай імпэрыяй тысячы жыцьцяў, і гэтыя ахвяры не забытыя;
— падкрэсьліваем, што лёсавызначальныя для беларускага народу пагадненьні рыхтуюцца ў поўнай сакрэтнасьці, без якіх бы ні было кансультацыяў з прадстаўнікамі грамадзкасьці. Ніводзін праект дакумэнта не апублікаваны. Нават „дэпутаты парлямэнту“ ня здолелі атрымаць хаця б мінімальную інфармацыю ад ураду Беларусі;
— зазначаем, што ініцыятары інтэграцыі абгрунтоўваюць cвае дзеяньні вынікамі праведзенага ў Беларусі ў 1995 годзе рэфэрэндуму, адным з пытаньняў якога была эканамічная інтэграцыя з Расеяй. Але рэфэрэндум быў прызначаны насуперак Канстытуцыі і заканадаўству, у тым ліку шляхам зьбіцьця ваенізаванымі падразьдзяленьнямі спэцслужбаў дэпутатаў апазыцыі непасрэдна ў залі парлямэнту, ён праходзіў з шматлікімі фальсыфікацыямі і не зьяўляецца сапраўдным волевыяўленьнем беларускага народу;
— заяўляем, што зь лістапада 1996 году, г. зн. ад канстытуцыйнага перавароту і гвалтоўнага роспуску парлямэнту, у Беларусі не было свабодных і справядлівых выбараў. У часе апошняй выбарчай кампаніі ў “палату прадстаўнікоў” значная частка непраўладных кандыдатаў не была дапушчаная да рэгістрацыі, нідзе назіральнікі не былі дапушчаныя да падліку галасоў, на шмат якіх участках зафіксаваныя іншыя парушэньні. У “парлямэнт” не прапушчаны ніводзін непраўладны кандыдат. Такім чынам, у Беларусі з 1996 году няма легітымнай заканадаўчай улады, а значыць, любыя дамовы, падпісаныя цяперашнімі ўладай, апрыёры неканстытуцыйныя;
— нагадваем, што ў пачатку 1990-х гадоў Беларусь добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі, даверыўшыся гарантыям свайго сувэрэнітэту, сфармуляваным у так званым Будапэшцкім мэмарандуме, падпісаным ЗША, Вялікай Брытаніяй і Расеяй. Аднак абмежаваньне сувэрэнітэту Беларусі аж да пагрозы інкарпарацыі з боку Расеі, якая пад уладай Пуціна вядзе палітыку агрэсіўнай ваяўнічай імпэрыі, можа стварыць прынцыпова іншую і вельмі небясьпечную геапалітычную сытуацыю ў Эўропе: расейскае войска апынецца на 600 кілямэтраў бліжэй да эўрапейскіх сталіц.
Мы пацьвярджаем пазыцыю, заяўленую ў Віленскім мэмарандуме 2012 году: “Суб’ектам і першасным гарантам незалежнай дзяржаўнасьці Беларусі і нацыянальна-культурнай пэрспэктывы беларусаў ёсьць сам беларускі народ, які павінен сьцьвярджаць сваю палітычную волю ва ўмовах свабоды“.
Мы падкрэсьліваем, што кансэрвацыя антыдэмакратычнай, не падсправаздачнай народу, пазбаўленай дэмакратычна-канстытуцыйнай легітымнасьці ўлады ў Беларусі толькі ўзмацняе пагрозу незалежнасьці краіны.
Мы заклікаем дэмакратычныя дзяржавы сьвету, у тым ліку тыя, што падпісвалі Будапэшцкі мэмарандум, а таксама Эўрапейскі Зьвяз асудзіць любыя спробы Расейскай Фэдэрацыі абмежаваць сувэрэнітэт Беларусі, выкарыстоўваючы адсутнасьць у Беларусі дэмакратычна выбранай улады, а таксама выступіць з ініцыятывай гарантыяў незалежнасьці Беларусі на міжнародна-праўнай аснове.