Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына перанакіравала заяву кандыдата ў дэпутаты па Калінкавічскай выбарчай акрузе №41 Алены Луцковіч у пракуратуру Гомельскай вобласці. Кандыдат з Рудабелкі скардзілася на перавышэнне службовых паўнамоцтваў мясцовымі чыноўнікамі пры вынясенні ёй афіцыйнага папярэджання і прасіла распачаць супраць вінаватых крымінальную справу.
Напамятаем, днямі намеснік Калінкавічскага райвыканкама Віктар Замосцік вынес кандыдату ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Алене Луцковіч афіцыйнае папярэджанне за правядзенне ў раёне перадвыбарчага пікету.
Пікантнасць сітуацыі ў тым, што райвыканкам, падмяняючы сабою выбарчую камісію, перавысіў службовыя паўнамоцтвы, бо паводле выбарчага заканадаўства права на вынясенне папярэджання кандыдату належыць выключна выбарчым камісіям. Гэта пацягнула за сабою парушэнне яшчэ і права кандыдата свабодна весці перадвыбарчую агітацыю, што згодна з Крымінальным кодэксам з'яўляецца злачынствам.
Аб рашэнні пракуратуры мы даведаемся ужо праз тры дні, так як заявы кандыдатаў падчас правядзення выбараў павінны разглядацца цягам 3-х дзён.
фотаздымак: Ларыса Шчыракова