Logo
 Версия для печати

Ці прыйдзе памілаваны карупцыянер на круглы стол па карупцыі?

Оцените материал
(12 голосов)

1 сакавіка лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі – старшыня АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі і першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч – наведалі Магілёў і перадалі ў мясцовы гарвыканкам прапанову правесці круглы стол па праблемах карупцыі ў рэгіёне.

«Напачатку ў кабінетах узнікла неразбярыха – усе адбіваліся, каб толькі не прымаць гэтую заяўку, – распавёў сайту ucpb.org Анатоль Лябедзька. – Таму прыйшлося павандраваць па будынку. Але заяўку ўсё ж аформілі і ўзялі. Прычым самі чыноўніцы, прачытаўшы паперу, адразу гаварылі, што ў іх карупцыі няма. Мы нагадалі, што нядаўна вярнуўся ў якасці кіраўніка магілёўскай «Cтроммашыны» адзін з чыноўнікаў, які быў асуджаны за карупцыю. Прапанавалі запрасіць яго на круглы стол, каб паўдзельнічаў і падзяліўся сваім досведам. Бо гэтая праблема была, ёсць і застаецца. Таму мы хацелі б, каб Антыкарупцыйная платформа абмяркоўвалася таксама з удзелам чыноўнікаў».

Самы ж галоўны вертыкальшчык Магілёва Уладзімір Цумараў, калі яму патэлефанавалі і сказалі, хто прыехаў, сустрэцца з правым цэнтрам адмовіўся. Відаць, карупцыя у рэгіёне  для яго тэма нязручная.

У гэты ж дзень лідэры правацэнтрыстаў сустрэліся з мясцовымі прадпрымальнікамі і абмеркавалі сітуацыю, якая склалася на цяперашні час.

«Для АГП вырашэнне праблем прадстаўнікоў малога бізнесу па-ранейшаму застаецца актуальнай тэмай, – кажа Анатоль Лябедзька. – І тут я канстатую, што ў людзей ёсць пэўная стомленасць, рэсурс чакання заканчваецца, многія ўжо не вытрымліваюць фінансава і ўсур'ёз задумваюцца, што рабіць далей.

Увечары Анатоль Лябедзька сустрэўся з патэнцыйнымі спікерамі Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

«Я думаю, што тут падбіраецца добрая каманда, – зазначыў лідэр АГП. – Адзінае – былі б дарэчы і некалькі жанчын, але пакуль у Магілёве выключна мужчынскі калектыў. Яны маладыя, энергічныя, жадаюць працаваць і, я ўпэўнены, тут у нас будзе каму распавесці пра праграму структурных рэформаў «Мільён новых працоўных месцаў».