Кандыдат ад АГП Аляксандр Кабанаў правёў у Бярозе свой першы агітацыйны пікет. На пікет прыехалі аднапартыйцы з Менску: Міхаіл Чыгір, Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў.
Бярозаўчане праявілі зацікаўленасць да газеты «Народная воля», якую раздавалі на пікеце. На сам пікет звярталі няшмат увагі. Магчыма, хапала на хаду паслухаць Анатоля Лябедзьку – старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які звяртаўся да людзей праз мегафон:
– Прыходзьце ў каманду Аляксандра Кабанава, запішыцеся ў назіральнікі і паглядзіце, ці насамрэч лічаць вашыя галасы.
Цікавасць узрасла. Але гэта цікавасць да дыскусіі, да інфармацыі, якую можна атрымаць з газет, але не да выбарчай кампаніі.
Анатоль Лябедзька кажа праўду: людзі не вераць выбарам і выбары іх сапраўды не цікавяць.
– Я не хачу ўлазіць у палітыку.
– Я нават не ведаю, хто ў нас незалежны, хто залежны. Пойдзеш галасаваць – за цябе ўсё роўна прагаласуюць. Не пойдзеш галасаваць – зноў жа прагаласуюць за цябе. Выбірай або не выбірай – усё роўна выбяруць за цябе.
Паводле Анатоля Лябедзькі, такія адносіны людзей да выбараў сведчаць пра поўнае банкруцтва ўлады.