Улады працягваюць чыніць перашкоды для кандыдатаў у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Кандыдатцы ў дэпутаты ад АГП па Мінскай-Каменнагорскай выбарчай акрузе №101 Дзіяне Чарнушынай адмовілі ў публікацыі перадвыбарнай праграмы ў газеце «Звязда».
Кіраўніцтва РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» палічыла, што ў яе выступе ёсць прыкметы «абразы і паклёпу ў дачыненні да службовых асоб Рэспублікі Беларусь».
«Цэнзура на БТ перадала эстафету друкаваным выданням? – так пракаментаваў гэтае рашэнне на сваёй старонцы ў Фэйсбук экс-старшыня АГП Анатоль Лябедзька . – Праграма Дыяны Чарнушынай #ДЗЕАДКАЗ не прайшла цэнзуру рэдакцыі газеты «Звязда». У праграме ўбачылі прыкметы абразы кіраўніцтва Беларусі. Асаблівасць гэтай праграмы, што ў яе складанні прынялі ўдзел тысячы грамадзян краіны. Менавіта, з пяці тысяч пытанняў сфармуляваных Лукашэнку, былі адабраны 25, якія і сталі часткай перадвыбарчай праграмы Дыяны Чарнушынай. Але адказваць на пытанні Лукашэнка не прывык. Як следства – табу…»