2 снежня ў судзе Першамайскага раёна Мінска адбыўся суд па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да актывіста АГП Дзяніса Красачкі.
Яго прызналі вінаватым у парушэнні арт. 23.34 ч. 1 КаАП за ўдзел у мітынгу 8 лістапада на пл. Свабоды, які праходзіў у рамках пікета кандыдата ў дэпутаты ад АГП Мікалая Маслоўскага і быў адпаведным чынам аформлены.
Дзяніс Красачка прыйшоў на суд з Анатолем Лябедзькам і экс-кандыдатам у дэпутаты Мікалаем Маслоўскім. З боку абвінавачання прысутнічалі супрацоўнікі АМАП Ілля Лемантовіч і Павел Асовік.
На судзе Дзяніс Красачка адзначыў, што падчас выбараў акцыі рэгламентуюцца Выбарчым кодэксам, а не законам аб масавых мерапрыемствах. Ён удзельнічаў у акцыі ў рамках агітацыі кандыдата ў дэпутаты Маслоўскага, таму ўпэўнены, што ў яго дзейнасці няма парушэння закона аб масавых мерапрыемствах.
Аднак суддзя Анастасія Ляйкоўская палічыла перадвыбарчы пікет несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам і аштрафавала актывіста АГП на 25 базавых велічынь (637,5 рублёў).