Газета Бабруйскага гарвыканкама «Бабруйскае жыццё» адмовілася друкаваць перадвыбарную платформу кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Бабруйскай-Ленінскай выбарчай акрузе №78 Аляксандра Комара.
Фразу «З Лукашэнкам у краіны няма будучыні» рэдакцыйны савет палічыў за крамолу.
Паводле словаў кандыдата ад АГП Аляксандра Комара, рашэнне не друкаваць яго праграму прымалася на рэдакцыйным савеце, які рэкамендаваў унесці змены ў фармулёўку ў пункце «Як гэта рабіць». Калі ж ён не пагодзіцца, запэўнілі, што не будуць публікаваць праграму.
«Цэнзары нават даведку выдалі, – паведаміў пра падзею старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў. – І гэта нягледзячы на тое, што ў артыкуле 33 Канстытуцыі запісана: «Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб'яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца».
А ў чым крамола? Аляксандр Комар напісаў, што «з Лукашэнкам у краіны няма будучыні. Ён завёў краіну ў тупік».
Друкарня імя Непагодзіна таксама адмовілася друкаваць яму ўлёткі. Машына зламалася. І будзе зламаная да канца выбараў, калі Аляксандр словы пра Лукашэнку не прыбярэ».