A+ A A-


Актывіста АГП пакаралі штрафам за крытыку ДАІ

Оцените материал
(17 голосов)

Суд Чыгуначнага раёну Гомля пакараў 7 сакавіка былога кандыдата ў дэпутаты ад АГП Кастуся Жукоўскага штрафам у памеры 245 рублёў.


Яшчэ падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы Жукоўскі, будучы кандыдатам у дэпутаты Гомельскіх абласнога й гарадзкога саветаў, зладзіў пікет каля ўправы дзяржаўтаінспэкцыі на вуліцы Фядзюнінскага. Крытычныя выказваньні кандыдата на пікеце абярнуліся адміністрацыйнай справай, паведамляе Гомельская вясна.

Старшы інспэктар ДАІ, маёр міліцыі Ўладзімер Кадзетаў напісаў заяву ў Чыгуначны РАУС, што Жукоўскі паклёпнічаў на яго – называў «пярэваратнем у пагонах», які «ня мае права служыць у міліцыі», казаў пра складаньне «ліпавых» пратаколаў.

На падставе заявы Кадзетава і быў складзены адміністрацыйны пратакол пра паклёп (артыкул 9.2 КаАП), які разгледзеў 7 сакавіка судзьдзя Чыгуначнага раёну Дзьмітры Дзябой.

Жукоўскі віны не прызнаў, але пацьвердзіў, што сапраўды ўжываў занатаваныя ў адміністрацыйным пратаколе выразы. Ён згадваў, што фраза «пярэваратні ў пагонах» была ў ягонай перадвыбарчай праграме, і паабяцаў абскардзіць штраф.

Жукоўскі патлумачыў, што ягоныя выказваньні грунтаваліся на відэаздымках складаньня Кадзетавым двух пратаколаў на гомельскага будаўніка Паўла Главацкага.

Тыя пратаколы, казаў ён, не адпавядалі рэчаіснасьці. Суд Чыгуначнага раёну адмяніў на той час штраф Главацкаму, накладзены міжраённым аддзелам ДАІ за нібыта парушэньне ім як пешаходам правілаў дарожнага руху.

Пра гэта сьведчыў у судзе і сам Павал Главацкі, прынёс нават відэазапіс падзеі. Аднак судзьдзя Дзябой не задаволіў хадайніцтва адказчыка, які прасіў далучыць гэты відэазапіс да справы, – палічыў яго недатычным да цяперашняга разбору. Зачытаў таксама даведку з ДАІ: міжраённы аддзел паўторна аштрафаваў будаўніка Главацкага.

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.