Logo
 Версия для печати

Ці «свеціць» Беларусі крэдыт МВФ?

Оцените материал
(3 голосов)

Эканаміст Барыс Жаліба разважае аб тым, ці паўплывае вызваленне палітвязняў на атрыманне крэдыту Міжнароднага валютнага фонду.

РР: Некаторыя эксперты мяркуюць, што вызваленне палітвязняў не азначае аўтаматычнага выдзялення Беларусі заходніх крэдытаў. Ці так гэта?

Барыс Жаліба: Калі казаць пра МВФ, то афіцыйна ён ніколі не звязваў сваю дзейнасць пра крэдытных справах з палітычнымі фактарамі. І, калі місія МВФ прыязджае ў Беларусь, у сваім заключэнні яна ўтрымлівае толькі эканамічны блок пытанняў. Іншая справа, што асноўныя донары МВФ — гэта ЗША і развітыя краіны Еўразвязу, якія ўскосна ўлічваюць эканамічную і палітычную сітуацыі ў краіне, якой збіраюцца даць крэдыт. Паўтаруся, не наўпрост, а менавіта ўскосна. У кулуарах.

РР: Яшчэ ў 2011 годзе былая кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова сказала на прэс-канферэнцыі: «Ці будзе крэдыт МВФ? Хутчэй за ўсё, не будзе. Нават, калі мы выканаем усе патрабаванні, самае галоўнае пытанне — палітычнае. Трэба выпусціць усіх палітвязняў. Але яны не хочуць выходзіць». Сёння палітзняволеныя на волі, што далей?

Барыс Жаліба: Безумоўна, адносіны палепшацца, але не думаю, што ўжо заўтра мы атрымаем крэдыт МВФ. Таму што тыя эканамічныя прэтэнзіі, што фонд рэгулярна прад’яўляе да беларускай эканомікі, застануцца. А гэтыя пытанні галоўныя. Могуць з нагоды крэдыта працягвацца нейкія перамовы, МВФ, напэўна, запатрабуе план рэформаў. Пакуль гэта не будзе ўзгоднена, грошай не дадуць. А працэс можа расцягнуцца і на год, і на два.

РР: Гэта жыццёва неабходны крэдыт для беларускай улады?

Барыс Жаліба: Безумоўна. Мы павінны рэфінансаваць прыкладна палову таго, што неабходна заплаціць па даўгах. Каля 2 мільярдаў даляраў трэба недзе знайсці. А Расея такіх грошай пакуль не абяцае. У падвешаным стане знаходзіцца і яшчэ адзін транш Антыкрызіснага фонду — 440 мільёнаў даляраў. Але гэтых грошай недастаткова для краіны. Калі ўлады не знойдуць некалькі мільярдаў, то Беларусь не справіцца з абслугоўваннем знешняга дзяржаўнага доўга.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя