A+ A A-


Расейскі рубель падае, беларускі – на чарзе

Оцените материал
(2 голосов)

Калі разрыў паміж валютнымі курсамі ў Беларусі і Расеі будзе павялічвацца, беларускае кіраўніцтва будзе вымушана пайсьці на дэвальвацыю, лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка.


Сёньня курс даляра на Маскоўскай біржы пераадолеў чарговы гістарычны максымум, дасягнуўшы рэкордных 39,534 руб. Таксама адносна расейскай валюты вырас курс эўра, пераадолеўшы 50-рублёвы ўзровень (50,13 руб.).

У інтэрвію Радыё Свабода,  Заіка адзначыў, што ў Беларусі і Расеі розныя разуменьні прынцыпаў банкаўскай сыстэмы і яе рэгуляваньня, таму аўтаматычнага падзеньня беларускага рубля разам з расейскім не адбудзецца.

«У Расеі курс знаходзіцца ў свабодным плаваньні і ён асабліва не падтрымліваецца. То бок яны лічаць, што ня трэба трымаць штучна курс, ня трэба траціць на гэта грашовыя рэсурсы. У Беларусі курс не свабодны, беларускі рубель пераацэнены, і Беларусь заўсёды не пасьпявала за паралельнай дэвальвацыяй расейскага рубля. Таму тут адбудзецца тое, што і заўсёды: беларуская прадукцыя будзе значна даражэць на расейскім рынку. То бок мы будзем траціць канкурэнтаздольнасьць, а расейская прадукцыя будзе станавіцца больш канкурэнтаздольнай на беларускім рынку», — кажа экспэрт.

Але празь нейкі час, калі разрыў паміж валютнымі курсамі ў Беларусі і Расеі будзе павялічвацца, беларускае кіраўніцтва ўсё роўна будзе вымушана пайсьці на дэвальвацыю.

«Будзе ціск з боку многіх суб’ектаў гаспадараньня, асабліва экспартэраў, якія пастаўляюць прадукцыю ў Расею. Гэты ціск будзе трансьлявацца і на ўрад, і на прэзыдэнта, і на Нацбанк. Таму, хоць са спазьненьнем, але беларускі рубель будуць дэвальваваць», — тлумачыць Заіка.

Што тычыцца далейшых пэрспэктыў расейскага рубля, то, паводле Заікі, усё будзе залежаць ад узроўню цэнаў на энэрганосьбіты і аб’емаў расейскага экспарту нафты і газу.

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.